Сцэнарый падрыхтавала Шупа К.М.,
класны кіраўнік 3 "Б" класа
Мэты:
• пазнаёміць вучняў з нацыянальным абрадам – Дзядамі;
• выхоўваць любоў і павагу да нацыянальных традыцый;
• выхоўваць любоў і павагу да сваіх продкаў.
Ход мерапрыемства
І. Віктарына “Пра якія святы ідзе гаворка”.
1. Да гэтага дня варылі, пяклі, смажылі розныя стравы: булкі, пірагі, каўбасы, сала, фарбавалі і варылі яйкі. Рытуальнай стравай з’яўлялася чырвонае яйка, асвянцонае ў царкве ці касцёле. (Вялікдзень )
2. Свята адзначалася 5 сакавіка. На ім ушаноўвалі сімвал парадку, вясны, росквіту прыроды. На лузе дзяўчаты выбіралі самуюпрыгожую, апраналі яе русалкай і надзявалі ёй вянок, вадзілі вакол яе карагоды і спявалі. На гэтае свята існуе шмат прыказак, прыкмет. Вось адна з іх:» Як дождж на… то будзе хлеб у дурня». (Юр’е)
3. З ранку хлопцы запасалі паліва, збіралі па вёсцы старыя рэчы, сухое ламачча, якое засталося з зялёных святак, бо спальваючы гэта, быццам можна была дагадзіць продкам. Лічылася, што ў гэты час прыходзіць каляндарная вяршыня росквіту прыроды, бо хутка прыйдзе Пятрок. Але гэтае свята вызывала і самую актыўную дзейнасць варожых чалавеку. (Купалле)
4. Спецыяльнай абрадавай стравай на гэтым свяце з’яўлялася бабіна каша, якую гатавала павітуха, або хросная бабка. Для гэтай стравы куплялі навы гаршок, які потым разбівалі. (Хрэсьбіны)
5. На гэтае свята ў прыродзе адбываўся пераломны момант ад лета да зімы. «Прыйшла … і пытае, ці да зімы гатова.» Пачынаючы з гэтага свята, моладзь пачынала збірацца на вячоркі, а хатнія справы спраўляліся з песнямі.
6. У гэты дзень уся сям’я збіралася за сталом, успамінала памёршых дзядоў і прадзедаў, клікала на вячэру, паклаўшы для іх на асобныя талеркі куццю. (Дзяды)
ІІ. Абрад святкавання Дзядоў.
“Прыхадзіце, дзяды-радзіцелі, і старыя, і малыя,
хто на гэтай сялібе жываў, хлеба-солі ждаў.
Прыхадзіце, дзяды-радзіцелі, к свайму сталу,к нашаму прыпечку,
хлеба-солі засылайце, каб было чым душы памінаць
год ад году, век ад веку”.
Настаўнік: Беларусы ўсяго свету ў лістападзе адзначаюць старажытны беларускі абрад – Дзяды – дзень памінання продкаў. У гэты дзень успамінаюць продкаў да дзясятага калена, не забываючы аб унікальнасці кожнага з іх. Вытокі Дзядоў знаходзяцца ў глыбокай старажытнасці. Ужо тады людзі разумелі, як важна ўшаноўваць продкаў, зберагаць іх вопыт дзеля сваёй будучыні, як важна захаваць сувязь пакаленняў. Яны адчувалі сябе звяном адзінага непарыўнага ланцугу.
1-ы вучань. Дзяды – народны памінальны абрад, рытуальная вячэра ў памяць памёрлых родзічаў. Дзядамі называлі таксама дзень, калі адбываўся абрад, а таксама нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі.
Дзядоў у беларусаў, як і паводле царкоўнага ўставу, чацвёра: зімовыя (Масленічныя) – перад Масленым тыднем, веснавыя (Радунічныя) – на Радуніцу, летнія (Духаўскія, Сёмушныя, Стаўроўскія) – у суботу перад Сёмухай на Духаў дзень, восеньскія (Змітраўскія, Вялікія, Багатыя) – перад святым Дзмітрыем.
2-ы вучань.У некаторых рэгіёнах Беларусі адзначаюць да шасці Дзядоў. Зімовыя, веснавыя і летнія Дзяды прысвячаюцца новапамёрлым (бацькам, братам, сёстрам), а Змітраўскія Дзяды – цэламу роду, які толькі можа ўспомніць людская памяць, і ў гэтым ёсць істотная розніца паміж Дзядамі. Нездарма Змітраўскія восеньскія Дзяды галоўныя – Вялікія Дзяды. Лічыцца, што ў гэты дзень душы памёрлых продкаў прыходзяць да жывых, глядзяць на сваіх нашчадкаў, радуючыся за іх поспехі і сумуючы, калі ў хаце штосьці робіцца не так. Таму на дзяды гатавалі святочныя і абрадавыя стравы, запальвалі свечкі, успаміналі добрым словам памёрлых дзядоў і прадзедаў, клікалі на вячэру, паклаўшы для іх на асобныя талеркі куццю.
Дзяды і прадзеды- якія вы?
І дзе скажыце тая ніць
Якую ў спадчыну пакінулі
Каб ёй вякі навечна зліць?
І што цяпер вам можа сніцца,
Калі я тут пад шум травы,
Звіню танюсенькаю ніццю
Між мёртвым светам і жывым.
А. Сербантовіч
3-і вучань. Продкі нашы верылі, што нішто не ідзе ў нябыт: памёрлы чалавек не прападае бясследна, а, скінуўшы сваё зямное аблічча, увасабляецца ў тонкую бесцялесную субстанцыю – душу, якая падпарадкоўваецца законам іншага свету, і тым не менш канчаткова не парывае сувязей са светам жывых. Дзяды прадугледжвалі сумесную трапезу жывых і памерлых родзічаў. Падобныя зносіны з тагасветам, што ўвогуле завяршаліся «прыходам продкаў», рэгуляваліся традыцыяй і мелі форму строгай абраднасці.
4-ы вучань.Паўсюдна на Беларусі да свята старанна рыхтаваліся: раніцай у суботу ўсе ўставалі рана, прыбіралі падвор’е, хату, рыхтавалі ў дастатку стравы, мыліся, апраналіся ў самаробнае адзенне. На рытуальную вячэру запрашалі толькі блізкіх сваякоў, прадстаўнікоў роду. Адчынялі вокны, комін, дзверы, каб душы продкаў маглі зайсці ў хату. У час вячэры ніякая адзежына не павінна была вісець на ашостку.
5-ы вучань.Стараннасць і ўрачыстасць, з якімі рыхтаваліся і праводзіліся Дзяды, былі імкненнем пазбегнуць гневу продкаў і заручыцца іх падтрымкай.
На могілкі ішлі ўсей сям’ёй. Успаміналі памёрлых сваякоў, маліліся, амаль над кожнай магілай галасілі жанчыны, прыпаўшы тварам да насыпу, звяртаючыся да нябожчыка як да жывога. Калі вярталіся дадому, то пачыналі памінальную вячэру.
Настаўнік. А зараз памінальнае запрашэнне дзядоў на вячэру:
- Дзяды нашы святыя, радзіцелі, хадзеце да нас вячэраці. Чакаем вас, як і тысячы, і сотні гадоў назад чакалі. Хадзеце на бяседу ціхую, спавядальную ўсе, хто на гэтай зямлі некалі жыў: і старыя, і немаўляты, і маці, і сёстры, і браты, і бацькі, і людзі чужыя, незнаёмыя. Пагаворым мы з вамі, дзяды, як адвеку ў краі нашым, і вясной на маслёнку, і ля магілак на радаўніцу, і перад калядамі, і на сёмуху. Бо як жыве прырода разважна, так і памяць нашая не згасае, асвятляе шляхі наступнікам. Верым, як некалі верылі вы, дзяды нашыя: чалавек не знікае без следу. Душа ягоная жыве ў нас, у Сусвеце. Гэта тыя, хто сышоў са сцежак зямных, перадаюць нам розум, дух, традыцыі і вопыт. Гэта ад вас пуцявіны нашыя да дзяцей, унукаў і далей імкнуць.
Дзяды нашы шаноўныя, завітайце на асяніны. Мы хаты прыбралі, ручнікі белая памінальныя павесілі. Чакаем вас. Зла не трымайце, што былі беспамятнымі мы: бывала, забываліся на вас, не заклікалі на вячэру, магілкі не бераглі. Мінае чорны час здранцвення, вяртаемся да ісцін векавечных. Дык памажыце, мудрыя дзяды, дайсці нам да вечных крыніц, каб дзеці не заблудзілі потым.
Для вас мы адчынілі дзверы, вокны, для вас на стол прыбралі, як належыць. Запалім свечку ў жыце, як спрадвеку. Бо нам не жыць, калі не помніць вас.
6-ы вучань. Стол на Дзяды ахопліваў ледзь не ўсю нацыянальную кухню. Разам з абавязковымі рытуальнымі стравамі гатавалі ласункі, якія былі асабліва любімыя ў памёрлых сваякоў. Пачыналі вячэру часцей за ўсё тады, калі надыходзіў час запальваць агонь. Апраналіся па-святочнаму, засцілалі стол белым абрусам. Гаспадар хаты ці старэйшы ў сям’і, запаліўшы свечку, прымацоўваў яе каля абразоў ці ставіў на стол і чытаў малітву. У народзе падтрымліваецца вера, што душы продкаў нябачна прысутнічаюць у хаце.
7-ы вучань.Як і на звычайных памінках, стол вельмі часта пачыналі з куцці. Потым гаспадар памінаў нябожчыкаў, жадаў жывым прыждаць наступных Дзядоў.
Святыя дзяды, просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас,
Есці і піць, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў.
Святыя Дзяды, просім вас,
Хадзіце, ляціце, да нас.
8-ы вучань. Застолле праходзіла ва ўспамінах памерлых добрым словам, і добрым словам стараліся гаварыць толькі на сумныя тэмы. Сядзелі за сталом доўга. Гаварылі: «Трэба і паплакаць, і пашкадаваць пакойнічкаў, то яны нас не забудуць». Стол, як правіла, пакідалі непрыбраным – для падмацавання сіл памёршых, толькі засцілапі яго зверху абрусам.
Настаўнік. Раскажыце, калі ласка, як памінаюць продкаў у вашай сям’і?
(Дзеці расказваюць)
9-ы вучань. Сучасным памінальным запрашэннем дзядоў на вячэру можа быць наступнае: «Дзяды нашы святыя, хадзіце да нас вячэраці. Чакаем вас, як і тысячы, і сотні гадоў назад чакалі. Хадзіце на бяседу ціхую, спавядальную ўсе, хто на гэтай зямлі некалі жыў, і старыя, і немаўляты малыя, і маці, і сёстры, і браты, і бацькі, і людзі чужыя, незнаёмыя. Пагаворым мы з вамі, дзяды, як адвеку ў краі нашым, і вясной на мясаед, і ля магілак на Радаўніцу, і перад Калядамі, і на Сёмуху. Бо як жыве прырода разважна, так і памяць нашая не згасае, асвятляе шляхі наступнікам. Верым, як некалі верылі вы, дзяды нашыя: чалавек не знікае без следу. Душа ягоная жыве ў нас, у Сусвеце. Гэта тыя, хто адышоў са сцежак зямных, перадае нам розум, дух, традыцыі і вопыт. Гэта ад вас шляхі нашыя да дзяцей, унукаў і далей ідуць.
Дзяды нашы шаноўныя, завітайце да нас!»
10-ы вучань. Рубрыка “Гэта цікава ведаць”.
3 абрадам «Дзяды» звязаны прыгожы звычай запісвання членаў роду на покуці. У Змітраўскую суботу ў хату прыводзілі адукаванага чалавека, які выразаў на бэльках імёны нованароджаных і памерлых за мінулы год. Лічылася, што ўбачыць дзядоў можа толькі той, хто цэлы дзень нічога не еў. Раней падчас святкавання «Дзядоў» завязвалі вочы смялейшай жанчыне ці дзяўчыне і саджалі яе на стоўп, укапаны ў падлогу ля печы. Яна назірала адтуль за «дзядамі», якія ўваходзілі ў хату, стараючыся пазнаць іх. Часам яна так палохалася, што ў непрытомнасці валілася на падлогу.
11-ы вучань. Амаль у кожнага народа ёсць свой дзень ушаноўвання продкаў. Так, у Японіі ёсць народнае свята – Бон – День памінання продкаў. Адзначаецца гэта свята ў сярэдзіне лета, прычым весела, как парадаваць продкаў, духі якіх вярнуліся на пабыўку да сваякоў. Кожнага памерлага памінаюць запаленай свечкай, якую пускаюць на каляровым бумажным ліхтары ўніз па рацэ.
12-ы вучань.5 красавіка кітайцы адзначаюць свята»Цынмін» – «Дзень чыстага святла». Гэта традыцыйны дзень памінання памёрлых продкаў, калі наведваюць і прыводзяць у парадак могілкі. У гэты дзень адбываюцца абрады пакланення міфічным імператарам Хуандзі і Яньдзі, якія лічацца легендарнымі продкамі кітайцаў.
У Чувашыі галоўны абрад, які прысвячаецца продкам называецца Юпа. Адбываецца свята ў месяц юпа (кастрычнік) – месяц памінак. Распальваецца вогнішча, адбываюцца танцы на гарачых вуглях, хараводы з песнямі.
Настаўнік. А ці помнім мы сваіх дзядоў-прадзедаў? Ці можам адшукаць свае карані ў радаводным дрэве Беларусі? Наш сучаснік наўрад ці можа адказаць на гэта пытанне. Добра, калі ён прыгадае прозвішча і імя дзеда ці прадзеда. Радавод, на жаль, гэтым заканчваецца. Паспрабуйце ўзгадаць сваіх продкаў, падзякаваць ім на Дзяды, бо мы «не без роду, без племені», ёсць у нас спадчына, багатая, цікавая і разнастайная. Мінулае – гэта карані нашага тысячагадовага радавога дрэва. Не будзе каранёў – загіне дрэва, не застанецца ў будучым і памяці пра нас. I таму трэба ахоўваць, берагчы не толькі радаводнае дрэва, але і кожную яго галіну, якая, тоячы ў сабе памяць далёкіх продкаў, павінна вечна шумець сакавітым лісцем.
Вучні прадстаўляюць свае радаводы, фатаздымкі дзядоў і прадзедаў, расказваюць пра самых цікавых асоб са свайго роду.
13-ы вучань.
«Продкі»
Калі марнею ад нягод
І сэрцу цесна,
Я ўспамінаю радавод
І продкаў песні.
Яны ідуць за годам год
З мячом і з плугам.
О, мой нязводны род,
Ён моцны духам!
Імёны памяць берагла,
Вяла праз церні,
Каб я не сеяў зла,
А толькі – зерне.
Да іх іду я зноў і зноў,
Ім веру свята.
Таму й вяду сваіх сыноў
Да іх на раду.
А. Пісьмянкоў
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Ліпскі, У. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод / У.Я.Ліпскі. – Мн.: Беларусь, 1998
2. «Святы дзень для беларусаў» // «Юный спасатель», №20, ад 29.10.2007
3. https://knihi.com/Ales_Pismiankou/Prodki.html дата доступу 11.2020
4. https://cloud.mail.ru/public/2nfN/5yYtWpo1p
5. http://www.dompressy.by/2021/01/14/klasnaya-gadzina-dzyady-svyaty-dzen-dlya-belarusa%D1%9E/
Комментариев нет:
Отправить комментарий